top of page
Scan10020.JPG

Пісьменнік, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, лаўрэат Літаратурнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа.

Scan10017.JPG

Піліп Сямёнавіч Пестрак нарадзіўся 27 лістапада 1903 года ў вёсцы Сакоўцы Слонімскага павета (цяпер Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці) ў сялянскай сям’і.

Scan10021.JPG

Бацька працаваў на будаўніцтве чыгункі (займаўся адыходніцтвам), маці вяла гаспадарку. Піліп вучыўся ў мясцовай двухкласнай школе. Калі пачалася Першая сусветная вайна, сям’я эвакуіравалася ў Расію. Жылі ў сяле Максімаўка Бузулукскага павета Самарскай губерніі, дзе Піліп працягваў вучобу ў народным вучылішчы. Пасля заканчэння працаваў памочнікам рахункавода ў крэдытным таварыстве. Вучыўся ў гімназіі ў Бузулуку (1917–1918), працаваў памочнікам бухгалтара ў валасным выканкаме, вучыўся на рабфаку, пасля чаго паступіў на сацыяльна-гістарычны факультэт Самарскага ўніверсітэта, дзе вучыўся ў 1920–1921 гадах.

У 1921 годзе разам з бацькамі вярнуўся ў Заходнюю Беларусь, працаваў рабочым на лесапільні, лесніком Косаўскага лясніцтва. У 1924–1926 гадах служыў у польскім войску. У 1926 годзе ўступіў у КПЗБ і стаў членам павятовага камітэта Беларускай работніцка-сялянскай грамады ў м. Косава. З 1927 года – сакратар Косаўскага падпольнага райкама КПЗБ, член Слонімскага акруговага камітэта КПЗБ. За падпольную дзейнасць арыштаваны польскімі ўладамі і зняволены ў турме г. Гродна (1929–1933). Пасля вызвалення быў інструктарам ЦК КПЗБ па Пінскай акрузе, зноў арыштаваны, сядзеў у турмах Пінска, Вільні, Гродна (1934–1939). Знаходзячыся ў віленскай турме Лукішкі, змяшчаў свае вершы ў нелягальным рукапісным часопісе “Краты”. Вызвалены Чырвонай Арміяй у верасні 1939 года.

Піліп Сямёнавіч абіраўся сакратаром гаркама КПБ у Гродне (1939–1940), старшынёй Беластоцкага аддзялення СП БССР (1940–1941), дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі ў Беластоку (1939). У гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у партызанскім руху. У 1943 годзе быў перапраўлены праз лiнiю фронту i працаваў начальнікам Упраўлення па справах мастацтваў пры СНК БССР.
Пасля Перамогi працаваў у Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР (1946–1948), літкансультантам Саюза пiсьменнiкаў БССР (1948–1951). З 1951 года – на творчай рабоце. З 1969 года Піліп Сямёнавіч – персанальны пенсіянер. Член паўнамоцнай камісіі на сесіі Вярхоўнага Савета СССР (1939), дэпутат Вярхоўнага Савета СССР у 1940–1946 гадах, Вярхоўнага Савета БССР у 1971–1975 гадах.

Першыя спробы пяра Пiлiпа Пестрака адносяцца да 1923 года. Друкавацца пачаў на старонках часопіса “Родныя гоні” ў 1927 годзе. Першы зборнік вершаў “На варце” выйшаў у 1940 годзе. У давераснёўскі перыяд пісьменніка найбольш хвалявалі тэмы рэвалюцыйнай барацьбы за вызваленне, услаўленне мужнасці палітзняволеных, сярод якіх сам аўтар правёў адзінаццаць гадоў, вера ў лепшае будучае. Ваенныя матывы, змаганне савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, вобразы герояў партызанскага руху адлюстраваў у зборніку вершаў “За сваю Айчыну”. Усталяванне савецкай улады ў Заходняй Беларусі паказана ў кнігах апавяданняў “Першыя ўсходы”, “Неспадзяванак”, “Лясная песня”, “Сярод чаротаў”.

Scan10008_edited.jpg

Найбольш глыбокае ўвасабленне тэма барацьбы народных мас Заходняй Беларусі за сваё сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне знайшла ў рамане П. Пестрака “Сустрэнемся на барыкадах” (1954). Падзеі рамана ахопліваюць перыяд з 1921 па 1939 гады. Звяртаўся да праблем жыцця пасляваеннай калгаснай вёскі (раман “Серадзібор”, 1963). У рамане “Лесавічанка” (няскончаны, асобныя раздзелы публікаваліся ў 1980 г.) імкнуўся даследаваць новае жыццё ў былой Заходняй Беларусі. Пісаў нарысы (“Падарожжа па Народнай Польшчы”), вершы (зборнік “Падарожнае”), літаратурна-крытычныя і публіцыстычныя артыкулы. Аўтар гісторыка-публіцыстычнай паэмы “Слова пра Мінск” (1968). Перакладаў на беларускую мову творы польскіх, украінскіх, латышскіх, літоўскіх пісьменнікаў. Яго творы перакладаліся на замежныя мовы. Аўтар п’есы “Пад зоркамі” (сааўтар А. Струнін, ставілася ў Гродзенскім абласным драмтэатры). Кампазітарамі
А. Багатыровым, Я. Цікоцкім і іншымi на вершы П. Пестрака напісаны песні.

Scan10019.JPG
22_pilip_pestrak.png

Узнагароды

Піліп Пестрак узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі, Дружбы народаў, “Знак Пашаны”, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. У 1964 годзе за раман “Серадзібор” удостоены Дзяржаўнай літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа. У 1968 годзе атрымаў званне Заслужаны дзеяч культуры БССР.

bottom of page